«Аповесць мінулых гадоў», усходнеславянскі летапісны звод, складзены ў Кіеве ў 1110-я г. манахам Кіева-Пячэрскай лаўры Нестарам на аснове больш ранніх крыніц. Пакладзена ў аснову многіх больш позніх летапісных зводаў. Асноўны змест твора - палітычная гісторыя ўсходніх славян, якая пададзена на шырокім міжнародным фоне ў сувязі з гісторыяй суседніх краін і народаў. Расказваецца таксама пра паходжанне славян, рассяленне ўсходнеславянскіх плямён, іх норавы, звычаі і інш. «А.м.г» змяшчае ўнікальныя звесткі з гісторыі беларускіх зямель, асабліва Полацкага княства. Тут апавядаецца пра полацкага князя Рагвалода і яго дачку Рагнеду, пра дзейнасць князя Ўсяслава Брачыславіча, апетага ў «Слове пра паход Ігаравы». Прыведзены самыя раннія звесткі пра Полацак, Менск, Тураў, Пінск, Друцак і інш. беларускія гарады.