Асіміляцыя (ад лац. assimilatio - упадабленне, зліццё), працэс засваення адным народам культуры, мовы, этнічнай самасвядомасці другога народа, звычайна больш сацыяльна развітога і дэмаграфічна пераважаючага. Паняцце А. пачало выкарыстоўвацца з канца 19 ст. (найперш у амерыканскай сацыяльнай навуцы) і спачатку было сінонімам слова «амерыканізацыя». Да сярэдзіны 20 ст. тэрмін «А.» выкарыстоўваўся ў кантэксце вывучэння інкарпарацыі індзейскіх плямёнаў у ЗША ў дамінуючую культуру белага насельніцтва. Выдзяляюцца 2 разнавіднасці А. - натуральная і прымусовая. Натуральная А. мае месца падчас міжэтнічных кантактаў, міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая А. адбываецца ў выніку штучнай палітыкі ўрадавых колаў. У выніку культурнай А. адбываецца механічнае засваенне каштоўнасцей, традыцый, звычаяў, паглынанне (поўнае ці частковае) адной культуры другой. Звычайна больш «слабая» культура паступова нібы раствараецца ў больш «моцнай» культуры. Асобныя даследчыкі адрозніваюць аднабаковую А., пры якой культура меншасці поўнасцю выцясняецца дамінуючай культурай, і культурнае змешванне, калі элементы культур падначаленай і дамінуючай змешваюцца, што ў выніку можа прывесці да ўзнікнення якасна новай культуры. Выпадкі поўнай А. сустракаюцца вельмі рэдка, звычайна мае месца паступовая трансфармацыя традыцыйнай культуры меншасці пад уплывам культур дамінуючай энічнай супольнасці. У Сярэднявеччы беларусы асімілявалі асобныя групы балцкага насельніцтва, татар, расейскіх перасяленцаў, а пазней і самі падвергліся А. з боку польскіх і расейскіх місіянераў. На тэрыторыі Беларусі А. балцкага насельніцтва працягвалася ажно да 12-13 ст. і нават пазней. У розных формах працэсы А. беларускага насельніцтва мелі месца падчас узмацнення польскага і расейскага этнакультурных уплываў на працягу 17-20 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць