Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казімір (1840-1900), беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст; заснавальнік новай беларускай літаратуры. Лічыцца пачынальнікам крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Удзельнік паўстання 1863-1864 у Беларусі і Польшчы. Працаваў настаўнікам, судовым следчым, адвакатам. Друкаваўся пад псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава. У паэтычных зборніках «Дудка беларуская» (1891), «Смык беларускі» (1894) паказаў самабытны характар гісторыі беларускага народа, абгрунтаваў яго неад'емнае права на дзяржаўную незалежнасць, на свабоднае развіццё мовы і культуры. Б. стаў адным з першых сапраўды народных выразнікаў асаблівасцей нацыянальнай свядомасці, ментальнасці беларусаў, духоўным пачынальнікам і натхняльнікам працэсу нацыянальнага самаўсведамлення і культурнага адраджэння беларускага народа. У публіцыстычных творах Б. імкнуўся асэнсаваць гістарычны шлях беларускага народа ў кантэксце гісторыі іншых народаў (польскага, расейскага, украінскага, летувіскага, чэшскага і інш.). У перыядычным друку выступаў з артыкуламі, дзе абараняў інтарэсы працоўнага сялянства і гарадской беднаты, адзначаў недастаткова высокі ўзровень пісьменнасці значнай часткі беларускага народа. Складаў слоўнік беларускай мовы, імкнуўся ўзбагаціць і ўдасканаліць беларускую паэтыку. Дэмакратычны характар творчасці Б. выразна раскрыўся ў падыходзе да народнага жыцця як галоўнага аб'екта мастацкага адлюстравання. Аказаў значны ўплыў на развіццё грамадскай і эстэтычнай думкі, фармаванне ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху.