Бернар Сара (1844-1923), французская актрыса тэатра і кіно. Скончыла драматычны клас Парыжскай кансерваторыі. Працавала ў парыжскім тэатры «Камеды Франсэз», узначальвала тэатр «Рэнесанс» (з 1893) і створаны ёю «Тэатр Сары Бернар» (1898-1922). У час першай сусветнай вайны выступала перад вайскоўцамі на франтах. Выконвала трагедыйныя і меладраматычныя ролі ў п'есах У.Шэкспіра, В.Гюго, Ж.Расіна, Э.Растана, А.Дзюма-сына і інш. Яе акцёрская ігра вызначалася віртуёзным майстэрствам, пластычнасцю, вытанчанай тэхнікай, выдатнай дыкцыяй, высокім мастацкім густам, часам наўмыснай эфектнасцю. Здымалася ў кінафільмах, займалася скульптурай, напісала некалькі п'ес, мемуары «Маё двайное жыццё».