Берніні Джаванні Ларэнца (1698-1780), італьянскі скульптар, архітэктар, малявальшчык. Лічыцца буйнейшым прадстаўніком італьянскага барока. Вывучаў антычную і сучасную італьянскую скульптуру, архітэктуру (асабліва творчасць Мікеланджэла Буанароці). У яго творах ярка ўвасобіліся найбольш тыповыя прынцыпы стылю барока: драматычная эмацыянальнасць, эфектная тэатральнасць, відовішчнасць вобразаў і кампазіцый твораў. Архітэктурныя творы Б. (ансамбль плошчы св. Пятра ў Рыме, 1657-1663; афармленне параднай лесвіцы Скала Рэджа ў Ватыкане, 1663-1666) вызначаюцца прасторавым размахам, дынамікай і кантрастам форм, а скульптурныя - імклівасцю руху, спалучэннем рэлігійнай афектацыі з экзальтаванай пачуццёвасцю («Экстаз св. Тэрэзы», 1644-1652; мармуровая кампазіцыя «Апалон і Дафна», 1622-1625). Стварыў тып параднага партрэта-бюста, які арганічна спалучаў у сабе рэалістычнасць вобліка чалавека з псіхалагічнай вастрынёй і дэкаратыўнай пышнасцю (напр., мармуровы партрэт Людовіка XIV; 1665). Маляваў вострыя карыкатуры. Творчасць Б. аказала значны ўплыў на эўрапейскае мастацтва 17-18 ст.