Буда (літар. «прасветлены», «той, хто спасціг вышэйшую ісціну»), у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану вышэйшага духоўнага развіцця («прасветленасці»). У будыйскім пантэоне налічваецца мноства Будаў. У больш вузкім значэнні Б. - гэта імя, нададзенае індыйскаму прынцу Сідхартхе Гаўтаме. Па паданню, ён паходзіў з царскага роду племені шак'яў у Паўночнай Індыі (адно з яго імёнаў - «Шакьямуні», што значыць «пустэльнік з роду шак'яў»). Ва ўзросце 29 гадоў Б. пакінуў дом бацькі і сваю сям'ю (жонка і сын) і пасля сямігадовых вандраванняў, аскетычных подзвігаў і глыбокіх медытацый стаў прапаведнікам вучэння, якое пазней атрымала назву «будызм». У шматлікіх скульптурных і жывапісных вобразах Б. ўвасоблены ідэал дасканалай духоўнай і фізічнай гармоніі прасветленага чалавека.