Вісконці Лукіна (1906-1976; сапр. Вісконці дзі Мадронэ), італьянскі рэжысёр. Паходзіў з роду герцагаў В. З дзяцінства захапляўся музыкай і тэатрам. У маладосці прымаў удзел у афармленні спектакляў у міланскім тэатры. У 1930-я г. пачаў займацца кінематографам, спачатку быў асістэнтам рэжысёра Жана Рэнуара на здымках яго фільмаў. У пачатку 1940-х г. апублікаваў некалькі сур'ёзных работ па тэорыі кіно (у т.л. «Антрапамарфічнае кіно», 1943). Першыя фільмы В. былі створаны ў рэчышчы т.зв. неарэалізму - «Апантанасць» (1942), «Зямля дрыжыць» (1948). Прымаў удзел у стварэнні калектыўнага дакументальнага фільма «Дні славы» (1945) пра вызваленне Італіі ў гады другой сусветнай вайны. Многія фільмы В. былі зняты паводле твораў класікаў і сучасных аўтараў. Шмат працаваў у драматычным і музычным тэатрах, ставіў класічныя п'есы і оперы, творы сучасных аўтараў. Галоўныя тэмы фільмаў В. - распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, упадак мастацтва і гібель прыгажосці ў сучасным свеце. Фільмам В. ўласцівы інтэлектуалізм, вытанчаная пластычная культура.