Выгоцкі Леў (1896-1934), расейскі псіхолаг, мастацтвазнаўца; стваральнік культурна-гістарычнай тэорыі развіцця чалавечай псіхікі; заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі. Нарадзіўся ў Гомелі. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1917). У 1919-1923 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім інстытуце эксперыментальнай псіхалогіі, потым у заснаваным ім Інстытуце дэфекталогіі. У сваёй культурна-гістарычнай тэорыі развіцця псіхікі В. вылучаў два злітыя ў сваім развіцці планы паводзін чалавека - натуральны і культурны. Лічыў, што культура стварае асобыя формы паводзін і «відазмяняе дзейнасць псіхічных функцый чалавека». Сцвярджаў, што «свядомасць адлюстроўвае сябе ў слове, як сонца ў малой кроплі вады», а асэнсаванае слова «ёсць мікракосм чалавечай свядомасці». Структуру свядомасці лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў. Аўтар кніг «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930-1931), «Мысленне і мова» (1934) і інш.