Галубок Уладзіслаў (сапр. Голуб; 1882-1937), беларускі драматург, рэжысёр, акцёр, тэатральны дзеяч. Першы народны артыст Беларусі (1928). Напісаў каля 40 п'ес (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), прысвечаныя мінуламу і сучаснаму жыццю беларускага народа. П'есы Г. шырока ставіліся ў беларускіх прафесійных і самадзейных тэатральных калектывах. У 1917-1920 працаваў як акцёр, драматург і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. У 1920 арганізаваў у Менску Трупу беларускіх артыстаў, якая пазней ператварылася ў Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Тэатральныя пастаноўкі Г. (пастаўленыя па яго п'есах «Суд», «Апошняе спатканне», «Плытагоны», «Ганка», «Пінская мадонна», «Мужычае шчасце», «Пісаравы імяніны» і інш.) вызначаліся народным каларытам, маляўнічасцю, сацыяльнай і маральна-этычнай завостранасцю, былі насычаны беларускімі песнямі, танцамі. Як акцёр з псіхалагічнай і бытавой дакладнасцю, павышанай эмацыянальнасцю, экспрэсіўнасцю выконваў драматычныя і характарныя ролі. Падрыхтаваў і выхаваў нямала таленавітых беларускіх акцёраў. Вёў актыўную культурна-асветніцкую работу сярод жыхароў Беларусі - выступаў з лекцыямі і дакладамі, публікаваў артыкулы ў перыядычным друку, дапамагаў аматарам, выпускаў баявыя лісткі і насценныя газеты. З канца 1920-х г. Г. абвінавачвалі ў нацыяналізме, а ў 1931 яго адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва творчым калектывам. У 1937 рэпрэсаваны, рэабілітаваны ў 1957.

Паведаміць пра недакладнасьць