Гамлет, цэнтральны персанаж аднайменнай трагедыі У.Шэкспіра. З'яўляецца сімвалічнай фігурай чалавека, які пастаянна сумняваецца, часам няздольны праявіць актыўную волю ў дасягненні сваіх мэтаў, схільны хутчэй да разважанняў і сумненняў, чым да рэальных канкрэтных дзеянняў. Ён разумее, што павінен змагацца са злом, з несправядлівасцю, аднак яго воля ў значнай ступені паралізавана, паколькі ім валодае сумненне і застаецца нявырашаным сакраментальнае пытанне: «Быць або не быць?». І ўсё ж такі Г. гатовы да таго, каб змагацца са злом усімі магчымымі сродкамі і нават ахвяраваць сваім уласным жыццём у гэтай няроўнай барацьбе. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні і пакуты, Г. працягвае верыць у чалавека і яго розум, спадзяецца на лепшае жыццё (няхай і ў тым свеце). Спецыфіка светаўспрымання і паводзін Г. часта асэнсоўвалася ў шматлікіх тэатральных і кінапастаноўках славутымі майстрамі сусветнага мастацтва.