Гарсія Маркес Габрыэль (н. 1928), калумбійскі пісьменнік. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1982). Вучыўся ў езуіцкім каледжы. Жыў у ЗША, Гішпаніі, на Кубе, у Мексіцы. Працаваў адвакатам, карэспандэнтам перыядычных выданняў у Італіі, Францыі. Аўтар сацыяльна-палітычных аповесці «Палкоўніку ніхто не піша» (1958) і рамана «Нядобры час» (1962), антытыранічнага гратэскнага рамана «Восень патрыярха» (1975), раманаў «Хроніка абвешчанай смерці» (1981), «Каханне падчас чумы» (1985), шматлікіх апавяданняў. У рамане-эпапеі «Сто гадоў адзіноты» (1967), выкарыстоўваючы фальклорна-міфалагічныя матывы і парадзіруючы розныя мастацкія традыцыі, стварыў фантасмагарычны свет, гісторыя якога адлюстроўвае рэальныя гісторыка-культурныя рысы Калумбіі і ўсёй Лацінскай Амерыкі і адначасова з'яўляецца метафарай развіцця чалавецтва ў цэлым. Многія творы Г. напісаны ў стылі «магічнага рэалізму», для якога ўласцівы спалучэнне дакладнай дэталізацыі з эксцэнтрычнымі характарамі і звышнатуральнымі падзеямі.

Паведаміць пра недакладнасьць