Гегель Георг Вільгельм Фрыдрых (1770-1831), нямецкі філосаф; стваральнік сістэматычнай тэорыі дыялектыкі. Вучыўся ў Цюбінгенскім універсітэце. Працаваў хатнім настаўнікам. Выкладаў у Йенскім і Берлінскім універсітэтах, быў рэктарам гімназіі ў Нюрнбергу. Лічыў, што толькі філасофія дае нам сапраўднае і поўнае веданне. Філасофія Г. пабудавана на рацыяналізме ў яго абстрактна-тэарэтычным выглядзе. Цэнтральным паняццем тэорыі дыялектыкі Г. з'яўляецца развіццё, якое тлумачыцца як характарыстыка дзейнасці абсалюта («сусветнага духу»). Унутранай крыніцай развіцця выступаюць супрацьлегласці. Мастацтва, рэлігію, філасофію як вышэйшыя дасягненні розуму адносіў да сферы «абсалютнага духу». Паводле Г., гісторыя (як і ўся рэчаіснасць) з'яўляецца царствам розуму, а канчатковая мэта гістарычнай эвалюцыі заключаецца ў дасягненні сапраўднай свабоды. Асноўныя працы Г. - «Фенаменалогія духа» (1807), «Навука логікі» (ч. 1-2; 1815-1817), «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817).

Паведаміць пра недакладнасьць