Гердэр Іаган Готфрыд (1744-1803), нямецкі філосаф, асветнік, педагог. Вучыўся на тэалагічным факультэце Кёнігсбергскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у царкоўнай школе, быў пастарам, прыдворным прапаведнікам. Культуралагічныя погляды Г. адлюстраваны ў яго фундаментальнай працы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (1784-1791), дзе дадзена шырокая панарама гістарычнага развіцця нацыянальных культур, моў, міфалогій, разгледжаны асаблівасці характару, светаўспрымання розных народаў свету. Сцвярджаў, што паміж агульначалавечымі дасягненнямі культуры і народнай культурай няма ніякіх супрацьлегласцей, што ўсе культуры ўяўляюць сабой адзінства, якое вядзе да стварэння чалавечай цывілізацыі. Важнейшымі часткамі культуры Г. лічыў мову, навуку, рамёствы, мастацтва, сям'ю, дзяржаву, рэлігію, прычым іх узаемасувязі, узаемаўплывы разглядаў як крыніцу культурнага развіцця. Стаяў на пазіцыях пераемнасці і ўсеагульнасці сацыяльна-культурнага працэсу, пазнання ўласнай культуры праз спасціжэнне іншых культур. Як педагог неабходным элементам выхавання лічыў павагу да гісторыі і культуры свайго і іншых народаў свету. Лічыцца стваральнікам славістыкі - навукі аб славянскіх мовах.