Гётэ Іаган (1749-1832), нямецкі пісьменнік, мысліцель, прыродазнавец. Адзін з заснавальнікаў нямецкай літаратуры Новага часу. Займаўся таксама філасофіяй, прыродазнаўчымі навукамі (даследаваў прыроду святла і колеру, мінералы). Вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Служыў пры веймарскім двары, быў дзяржаўным міністрам. Замежны ганаровы сябра Пецярбургскай Акадэміі навук (1826). Культ антычнасці і пантэістычнае задавальненне паўнатой жыцця адлюстраваліся ў вершаваных цыклах «Рымскія элегіі» (1790), «Заходне-ўсходні дыван» (1814-1919). Аўтар рамана «Пакуты юнага Вертэра» (1774). У выніковым філасофскім творы - трагедыі «Фаўст» (1808-1832) увасоблены пошукі чалавекам сэнсу жыцця, яго вечнае імкненне спасцігнуць таямніцы Сусвету. Напісаў аўтабіяграфічную кнігу «Паэзія і праўда» (1811-1813). Лічыў, што сапраўдная паэзія павінна адлюстроўваць уласны жыццёвы вопыт паэта, а не арыентавацца на старадаўнія ўзоры. Галоўнымі ідэаламі Г. ў мастацтве былі стрыманасць і самакантроль, ураўнаважанасць, гармонія і класічная дасканаласць формы. Разглядаў усю прыроду і ўсё жывое як адзінае цэлае. У 1780-я г. Ф.Шылер і Г. адкрылі новы этап у нямецкай літаратуры - т.зв. «веймарскі класіцызм», асноўнымі рысамі якога былі разрыў з рэчаіснасцю, праслаўленне «чыстага мастацтва» і прыхільнасць да антычнай літаратуры і культуры. На тэмы твораў Г. пісалі музыку Л.Бетховен, Ш.Гуно і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць