Графіці (ад італ. graffiti - надрапаныя), мастацтва нанясення надпісаў ці малюнкаў на розныя плоскасці (паверхні) - сцены будынкаў, розных прадметаў і інш. Першапачаткова Г. называлі надпісы і малюнкі (часта сатырычнага, карыкатурнага характару) на сценах антычных помнікаў, на старажытных пасудзінах. З другой паловы 20 ст. Г. пачалі называць малюнкі і надпісы на сценах жылых дамоў, грамадскіх пабудоў, агароджах, у метро, зробленыя дзецьмі ці дарослымі людзьмі. Такія творы выконваюцца рознымі матэрыяламі - крэйдай, вуглём, аэразолем - або проста прадрапваюцца ў тынкоўцы. Для Г. характэрны крайні лаканізм, выкарыстанне мінімальнай колькасці графічных элементаў для выяўлення чалавечай фігуры, твару, руху і інш., экспрэсія, яркая маляўнічасць, адлюстраванне сацыяльных праблем і матываў, увага да папулярных сімвалаў і г.д. У Беларусі вядомы ўзоры Г., якія адносяцца да 11-13 ст. і былі зроблены вострымі прадметамі на сценах будынкаў і розных рэчаў. Гэтыя надпісы, што змяшчаюць звесткі аб імёнах, датах, бытавой лексіцы, асобных гістарычных падзеях, выяўлены ў Сафійскім саборы і Спаскай царкве ў Полацку, на амфарах, прасліцах у Друцку, Менску, Пінску, Наваградку і інш. У сучасны перыяд у Беларусі зрэдку праводзяцца конкурсы мясцовых мастакоў-графіцістаў.

Паведаміць пра недакладнасьць