Гумбальт Вільгельм фон (1767-1835), нямецкі філосаф, філолаг, мастацтвазнаўца, дзяржаўны дзеяч. Вучыўся ва ўніверсітэце ў Франкфурце-на-Одэры, слухаў лекцыі па філалогіі і гісторыі ў Гётынгенскім універсітэце. Жыў у Парыжы, дзе вывучаў французскую культуру, падарожнічаў па Гішпаніі. Матэрыялы для даследаванняў па культурах і мовах розных народаў чэрпаў са шматлікіх крыніц, у т.л. і са звестак яго брата - падарожніка і натуразнаўцы Аляксандра Г. Лічыў, што мова павінна вывучацца не як прадукт дзейнасці, а як дзейнасць. Сцвярджаў, што матэрыяльная і духоўная культура кожнага народа ўвасабляюцца ў яго мове. Паводле Г. мова - гэта адмысловы свет, які «знаходзіцца паміж светам знешніх з'яў і ўнутраным светам чалавека», а розныя мовы з'яўляюцца «для нацыі органамі іх арыгінальнага мыслення і ўспрымання».