Даасізм (назва паходзіць ад слова «дао» - літ. «шлях», «дарога»), кітайскае рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З'яўляецца адным з трох найбольш распаўсюджаных у Кітаі рэлігійна-філасофскіх вучэнняў (разам з канфуцыянствам і будызмам). Яго заснавальнікам лічыцца паўлегендарны мудрэц Лао-Цзы. У аснове Д. - вучэнне пра «Дао», якое ўяўляецца першапачаткам усяго існага ў свеце, абсалютнай заканамернасцю быцця («Чалавек залежыць ад зямлі, зямля ад неба, неба - ад Дао, а Дао - ад сябе самога»). Паводле Д., увесь свет лічыцца ўвасабленнем гэтага няўлоўнага Дао, якое немагчыма выказаць словамі і спасцігнуць розумам. Кожны чалавек павінен прытрымлівацца свайго Дао, дзеля чаго яму трэба адкінуць усе ўмоўнасці цывілізаванага грамадства і падначальвацца натуральным прыродным рытмам і законам. Сапраўдны даасіст павінен адмовіцца ад актыўнай дзейнасці, прытрымлівацца прынцыпа «у вэй» («нядзеяння»), г.зн. рабіць толькі тое, што патрабуе ад яго Прырода - падтрымліваць уласную жыццядзейнасць, размнажацца, быць раўнадушным да багацця, мірской мітусні, славы, дасягнуць маральна-духоўнай дасканаласці і адзінства з прыродай. Даосы лічылі жыццё і смерць усяго толькі рознымі ступенямі або праяўленнямі Абсалютнага Дао, таму яны заклікалі жыць у поўнай гармоніі з прыродай.

Паведаміць пра недакладнасьць