Дантэ Аліг'еры (1265-1321), італьянскі паэт і палітычны дзеяч, стваральнік італьянскай літаратурнай мовы. Па некаторых звестках, вучыўся ў Балонскім універсітэце. Працаваў у кірунку т.зв. «новага салодкага стылю», для якога характэрны такія рысы, як моцнае, містычнае выяўленне пачуццяў і эмоцый чалавека, паказ высокадухоўнага, узнёслага кахання і інш. Ранняй любоўнай лірыцы Д. ўласцівы ўскладненыя маральна-філасофскія ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць мастацкай формы. Кніга санетаў і канцонаў «Новае жыццё» (каля 1292) з пранікнёным псіхалагізмам распавядала пра шчырае і ўзнёслае каханне паэта да Беатрычэ Партынары. Д. стварыў своеасаблівую філасофска-мастацкую энцыклапедыю Сярэднявечча - грандыёзную паэму ў трох частках («Пекла», «Чысцец» і «Рай») і 100 песнях - «Камедыю» (1307-1321; выдадзена ў 1472), за высокія мастацкія вартасці названую нашчадкамі «Боскай». У паэме хрысціянскі алегарызм, схаластыка, рэлігійны дыдактызм арганічна спалучаюцца з надзвычай пластычнымі і яркімі замалёўкамі фларэнтыйскага жыцця, з абаронай свабоды чалавечых пачуццяў і выкрыццём царквы. У сваіх творах Дантэ замест хрысціянскай крытыкі пачуццёвага кахання як граху гаварыў пра т.зв. «закон кахання», у адпаведнасці з якім пачуццёвае каханне ўключаецца ў прыроду самога жыцця. Яму належыць незакончаны трактат «Пір» (1304-1308), які лічыцца першым узорам філасофскай прозы на народнай італьянскай мове. У трактаце «Пра манархію» (1312-1313) ён сцвярджаў, што сусветная манархія будзе залогам усеагульнага адзінства і працвітання. У працы «Пра народнае красамоўства» (1304-1307) выступіў з ідэяй роднасці ўсіх раманскіх моў. Творчасць Д. аказала значны ўплыў на развіццё эўрапейскай літаратуры.