Дзідро Дэні (1713-1774), французскі філосаф-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў езуіцкім каледжы. Быў прыхільнікам асветнай манархіі, выступаў з непрымірымай крытыкай феадалізму, абсалютызму, хрысціянскай рэлігіі і царквы. Разам з Д'Аламберам на працягу многіх гадоў Д. займаўся выпускам у свет «Энцыклапедыі, ці Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (1751-1780; 35 тамоў). Некаторыя тамы «Энцыклапедыі» падвяргаліся забароне і рэпрэсіям, выходзілі напоўлегальна, аднак часта перакладаліся на розныя эўрапейскія мовы. Лічыў, што «першая мадэль мастацтва - гэта прырода» і выказваўся за тое, каб мастацтва імкнулася пераймаць прыродныя з'явы, аднак любая копія заўсёды будзе ніжэй арыгінала. Сцвярджаў, што людзі перастаюць думаць, разважаць, калі перастаюць чытаць. З'яўляўся аўтарам літаратурных твораў, напісаных у традыцыях рэалістычна-бытавога рамана («Манахіня», «Пляменнік Рамо» і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць