Дзітрых Марлен (1901-1992; сапр. Марыя Магдалена фон Лош), нямецка-амерыканская кінаактрыса, спявачка. Вучылася ў Музычнай акадэміі і Школе драматычнага мастацтва (Берлін). У 1922 дэбютавала ў тэатры, а праз год - у кіно. Першую значную ролю сыграла ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.Мана). З 1930 жыла і працавала ў ЗША. У фільмах 1930-х г. («Чырвоная імператрыца», «Шанхайскі экспрэс», «Марока», «Д'ябал - гэта жанчына» і інш.) стварала пераважна вобразы прыгожых і амаральных ракавых жанчын. Пазней іграла камедыйныя («Дэстры зноў у сядле» і інш.) і складаныя драматычныя ролі («Сведка абвінавачвання», «Нюрнбергскі працэс»). Адна з самых папулярных зорак амерыканскага кіно даваеннага перыяду. У гады другой сусветнай вайны адхіліла прапанову нацыстаў вярнуцца ў Германію, выступала з рэзкім асуджэннем фашызму, вяла антыфашысцкую прапаганду. Вядома і як эстрадная спявачка.

Паведаміць пра недакладнасьць