Дзяды, беларускі народны памінальны абрад; рытуальная вячэра ў памяць аб памерлых родзічах. Д. таксама называлі і дзень, калі адбываўся абрад, і саміх нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзіць абрад ад язычніцкага ўсходнеславянскага звычаю т.зв. «трызны». Д. звязаны з культам продкаў, спраўляліся звычайна 3-4 і нават больш разоў у год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі Д. змітраўскія (асяніны) - у суботу перад Змітравым днём (26 кастрычніка па ст., 2 лістапада па новым стылі), на Радаўніцу, а таксама перад Масленіцай, Сёмухай. На Д. рыхтавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса).

Паведаміць пра недакладнасьць