Дон Кіхот, сімвалічная фігура няўрымслівага змагара за справядлівасць і праўду, які дзеля ідэі і сваёй уяўнай Прыгожай Дамы гатовы пайсці на любыя, найчасцей бессэнсоўныя, неадэкватныя самаахвярныя дзеянні і ўчынкі. Вобраз Д.К. створаны ў рамане «Дон Кіхот Ламанчскі» (1606-1615) гішпанскага пісьменніка М. дэ Сервантэса. Тут паказаны разнастайныя прыгоды Д.К. і яго вернага зброяносцы Санча Пансы, які па сваіх маральна-псіхалагічных якасцях уяўляў сабой супрацьлегласць свайму экстравагантнаму сеньёру. Розныя трактоўкі вобразу Д.К. неаднаразова рабіліся ў выяўленчым, тэатральным, кінамастацтвах. Вечны вобраз Д.К. з'яўляецца сімвалам чалавека, чые высакароднасць, велікадушнасць, гатоўнасць на рыцарскія подзвігі ўступаюць у трагічную супярэчнасць з сапраўднай рэчаіснасцю, з т.зв. «прозай жыцця».

Паведаміць пра недакладнасьць