Дэтэрмінізм культурны (ат лац. determinare - абумоўліваць, вызначаць), сацыялагічная і культуралагічная філасофская канцэпцыя, якая разглядае культуру як адносна аўтаномнае ўтварэнне, незалежнае ад іншых сфер грамадскага жыцця. У Д.к. культура трактуецца як сукупнасць каштоўнасцей і значэнняў (грамадскія ідэі, вераванні, звычаі, традыцыі і інш.), якія падтрымліваюцца большасцю сябраў грамадства. Пры такім падыходзе культура ўспрымаецца як актыўная сіла, што адыгрывае вырашальную ролю ў грамадскім развіцці і аказвае значны ўплыў на функцыянаванне ўсіх сфер жыццядзейнасці соцыуму. У заходняй сацыялогіі Д.к. быў сфармуляваны ў працах па гісторыі і сацыялогіі рэлігіі М.Вебера, дзе ён сцвярджаў, што развіццё грамадства залежыць ад дамінуючых у ім рэлігійных каштоўнасцей.