Заходніцтва, кірунак расейскай грамадскай думкі сярэдзіны 19 ст.. Прадстаўнікі З. (П.Аненкаў, Т.Граноўскі, К.Кавелін, І.Тургенеў, П.Чаадаеў, Б.Чычэрын і інш.) лічылі, што гісторыя Расеі з'яўляецца часткай сусветнага гістарычнага працэсу, а яе грамадска-культурнае развіццё павінна ісці па заходнеэўрапейскаму шляху. У выніку Расея павінна засвоіць лепшыя рысы заходнееўарпейскай палітычнай сістэмы, эканамічнага ладу, сацыяльных інстытутаў, культурных норм і духоўных каштоўнасцей. Заходнікі прызнавалі агульнасць Расеі і Заходняй Эўропы як непадзельных частак адзінага культурна-гістарычнага цэлага, крытыкавалі самаўладдзе і прыгонніцтва, прапаноўвалі праекты вызвалення сялян з зямлёй, былі прыхільнікамі рэформ і канстытуцыйнага пераўтварэння дзяржаўнага ладу. Свае думкі выказвалі на старонках часопісаў «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник». З. аказала ўплыў на развіццё грамадска-філасофскай думкі і ўсёй расейскай культуры.

Паведаміць пра недакладнасьць