Ідал (ад грэч. eidolon - вобраз, падабенства), матэрыяльны прадмет, які з'яўляецца аб'ектам культавага пакланення ў політэістычных рэлігіях. Першапачаткова І. былі натуральныя прадметы - камяні, дрэвы, рэкі; радзей жывёлы. Падчас пакланення І. у капішчах, на ахвярных алтарах маглі рабіцца ахвярапрынашэнні. У Беларусі І. прадстаўлены старажытнымі каменнымі, драўлянымі і металічнымі скульптурнымі выявамі язычніцкіх багоў (напр., Слонімскі, Шклоўскі ідалы). Лакальныя назвы І. - багі, балваны, каменныя бабы, куміры, ёлупы і інш. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана (закапана ў зямлю ці ўтоплена). Некаторым І. надавалі форму крыжа ці выбівалі на іх крыжы. У пераносным сэнсе І. - аб'ект сляпога, ірацыянальнага пакланення. У сучасным свеце своеасаблівымі «І.» могуць лічыцца асобныя музыканты, спевакі, акцёры, якія маюць мноства фанатычных прыхільнікаў.

Паведаміць пра недакладнасьць