Інсталяцыя (ад франц. installation - устаноўка, размяшчэнне, збудаванне), у мастацтве 20 ст. - мастацкі твор, які ўяўляе сабой аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, канструкцыю з розных прадметаў (якія часта ўжо раней выкарыстоўваліся), падначаленую пэўнай мастацкай задуме. У І. гратэскны характар падбору аб'ектаў дэманстрацыі (газеты, гародніна, банкі кансерваў, звязкі хворасту, тэхнічныя прыстасаванні і інш.) дазваляе шматкратна ўзмацніць алагічны характар усёй мастацкай кампазіцыі. Звычайна ствараецца ў час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў інтэр'еры і размяшчаецца найчасцей на даволі вялікіх плошчах. І. узнікла ў 1970-я г., прычым пашырылася пераважна ў ЗША, Германіі, Польшчы і інш. краінах. У Беларусі І. выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творчасці мастакоў І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб'ёва і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць