Інтэрнет (ад лац. inter - паміж + net - павуцінне, сетка), міжнародная (сусветная) камп'ютэрная сетка электроннай сувязі, якая аб'ядноўвае рэгіянальныя, лакальныя, нацыянальныя і інш. сеткі. Спрыяе значнаму паскарэнню і паляпшэнню абмену разнастайнай інфармацыяй (дзелавой, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай, індывідуальнай і інш.). Колькасць карыстальнікаў І. хутка павялічваецца і сёння складае сотні мільёнаў чалавек. Узнікла нават паняцце «Інтэрнет-пакаленне» для вызначэння тых дзяцей і маладых людзей, якія значную частку свайго часу праводзяць у І. Менавіта з І. многія людзі атрымліваюць самую разнастайную інфармацыю, заказваюць сабе неабходныя рэчы, пакупкі на дом, вырашаюць дзелавыя справы, вядуць перапіску, размовы, знаёмяцца і нават ствараюць новыя сем'і. Цяпер нават не выходзячы са свайго дома, офіса, вучэбнай аўдыторыі можна атрымліваць свабодны доступ да любых сусветных навін, вывучаць замежныя мовы, праглядаць кінафільмы, карыстацца электроннай поштай, афармляць разнастайныя заказы, чытаць кнігі ў розных бібліятэках, наведваць мастацкія галерэі, праслухоўваць музыку, трапляць на канцэрты, удзельнічаць у тэлеканферэнцыях, размаўляць (як па тэлефону, толькі значна танней!) са сваімі сябрамі, знаёмымі з розных краін свету. Прычым практычна ўсё гэта можна рабіць у рэжыме «он-лайн», дзе абмен інфармацыяй адбываецца па прынцыпу «тут і зараз». Адзін з заснавальнікаў і распрацоўшчыкаў сучасных камп'ютэрных тэхналогій Біл Гейтс (самы багаты чалавек на планеце) паставіў мэту ўвесці камп'ютэр у кожны дом. Можна сказаць, што на нашых вачах узнікае своеасаблівая агульнасусветная «камп'ютэрная цывілізацыя», якая ахоплівае ўсе рэгіёны і кантыненты Зямлі.