Юдаізм, найбольш ранняя монатэістычная рэлігія, якая ўзнікла ў 1-м тыс. да н.э. на тэрыторыі Палестыны. Прыхільнікі Ю. вераць у Яхве (адзінага Бога, Стваральніка і Ўладыкі Сусвету), несмяротнасць душы, замагільнае жыццё, а таксама ў богаабранасць жыдоўскага народа (ідэя «запавету», дагавора народа з Богам). Канон свяшчэнных кніг Ю. уключае Тору («Пяцікніжжа Маісея»), кнігі прарокаў і т.зв. «Пісанні». Розныя тлумачэнні і каментары канона сабраны ў Талмудзе. Юдэі вераць у прыход цара-выратавальніка «машыаха» (Месіі), пасля чаго наступіць Царства Божае, уваскрэсенне памерлых, з'яўленне «нябеснага Ерусаліма» і цудоўнае перанясенне ў яго ўсіх жыдоў, расселеных па ўсяму свету. У Ю. існуюць шматлікія прадпісанні, якія датычацца нормаў паўсядзённых паводзін, правілаў гаспадарання і харчавання, гігіенічных нормаў, забароны на змешванне несумяшчальных сутнасцей (напрыклад, ільну і шэрсці; малака і мяса; злакаў з бабовымі; двух розных цяглавых жывёл у адной вупражы і інш.). Цэнтр рэлігійнага і абшчыннага жыцця ў Ю. - сінагога. У сучасны перыяд агульная колькасць паслядоўнікаў Ю. - каля 18 млн. чал., з якіх прыблізна 1/3 пражывае ў ЗША. На тэрыторыі Беларусі жыды-юдаісты пачалі рассяляцца, ствараць свае абшчыны з 14 ст. У 16 ст. пачалося будаўніцтва сінагог, малітоўных дамоў. Тады ж пачалі стварацца юдэйскія рэлігійныя навучальныя ўстановы - ешыботы. У савецкі перыяд пад уплывам свецкай адукацыі, антырэлігійнай прапаганды значэнне Ю. ў жыцці мясцовых жыдоў прыкметна скараціліся. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне жыдоўскага нацыянальна-культурнага і рэлігійнага жыцця. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць 22 юдэйскія абшчыны і 10 абшчын «прагрэсіўнага юдаізму». Акрамя жыдоў Ю. вызнаюць некаторыя іншыя этнаканфесійныя супольнасці (напр., караімы).