Калаж (ад франц. collage - наклейванне, наклейка), тэхнічны прыём у выяўленчым мастацтве 20 ст., які заключаецца ў наклейванні на якую-небудзь аснову матэрыялаў, што адрозніваюцца ад яе па колеру і фактуры. К. называецца таксама сам твор, выкананы ў дадзенай тэхніцы. Мэта К. - стварэнне карціны ці графічнага твора шляхам прымянення розных наклеек з плоскіх (фрагменты газет, этыкетак, шпалераў, каляровай паперы, тканін, частак аб'яў і г.д.) або аб'ёмных (кавалкі дрэва, вяроўкі, метала, провалакі і інш.). Тэхніка К. вядома з часоў Сярэднявечча і эпохі Адраджэння, выкарыстоўвалася ў творах некаторых мастакоў пазнейшага перыяду. Аднак як самастойны від мастацкай дзейнасці і адмысловы творчы метад К. аформіўся ў пачатку 1910-х г. (Ж.Брак і П.Пікасо). Да гэтай тэхнікі звярталіся прадстаўнікі розных авангардысцкіх мастацкіх кірункаў і плыняў - кубізму, футурызму, дадаізму, сюррэалізму і інш. У беларускім мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некаторых абразах 18-19 ст., у творах мастакоў М.Данцыга, М.Паўлоўскага, М.Селешчука, В.Смаляк і інш., а таксама ў асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.

Паведаміць пра недакладнасьць