Каліграфія (ад грэч. kalligraphia - прыгожы почырк), мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дакладнасцю, дэкаратыўнай прыгажосцю, вобразнай выразнасцю, яснасцю, гарманічнасцю, высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.). Сярод інструментаў для пісьма - трысняговае пяро, пэндзаль, птушынае пяро. Асаблівасці К. у розных краінах абумоўлены нацыянальнымі, культурнымі, мастацкімі і рэлігійнымі традыцыямі, сацыяльнымі нормамі і інш. Вялікая ўвага К. надавалася ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Кітай, Японія і інш.) і арабскім, дзе мусульманскае веравызнанне абмяжоўвае выяўленчую творчасць. У краінах далёкага Ўсходу К. цанілася высока як мастацтва надання графічнаму знаку сімвалічнага і эмацыянальнага значэння, перадачы ў ім сутнасці слова, думкі і пачуцця каліграфа. Свабоднай і экспрэсіўнай усходняй К. натхняліся многія мастакі 20 ст. У Беларусі К. вядома з 10-11 ст. у рукапісных богаслужбовых кнігах. Асаблівая ўвага надавалася афармленню пачатковых старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). У 15-16 ст. адбыўся сапраўдны росквіт беларускай К. Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз беларускай і заходнеэўрапейскай К. У 20 ст. К. захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе, дзе выкарыстоўваюцца маляваныя шрыфты. У сучасны перыяд К. выступае часам як твор станковай графікі (Ю.Тарэеў і інш.).