Кама-Сутра (літар. «Мастацтва кахання»), старажытнаіндыйскі эратычны твор. З'яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй сямейных адносін і сексуальнага жыцця. Назва твора паходзіць ад старажытнаіндыйскага бога кахання Камы, які (паводле Вед) «саманарадзіўся» з сэрца вярхоўнага бога Брахмы. К.-С. была напісана дзеля асветніцтва індыйскіх грамадзян (пераважна багатых) у справах кахання і канчатковы варыянт яе тэкста аформіўся прыблізна ў 3-5 ст. Паводле дадзенага твора, неабходнымі атрыбутамі фізічнай блізасці з'яўляюцца музыка, танцы, кветкі, паэзія, размова і пэўныя адценні зубоў, адзення, валасоў, пазногцяў і скуры, а таксама некаторыя экзатычныя дзеянні (напр., «гульня на музычных чарках, напоўненых вадой»). У цэлым К.-С. прысвечана парадам наконт уступлення ў шлюб і спосабаў яго захавання, а таксама класіфікацыі любоўных гульняў, апісанню сексуальных поз, адносін з куртызанкамі, дадатковых сродкаў забеспячэння пачуццёвага задавальнення і да т.п. Лічыцца адным з самых вядомых і папулярных у свеце эратычных твораў.

Паведаміць пра недакладнасьць