Канструктывізм (ад лац. constructio - пабудова), кірунак у мастацкай культуры (архітэктура, выяўленчае і тэатральнае мастацтвы, літаратура) Эўропы і Амерыкі першай трэці 20 ст. К. імкнуўся да «канструявання» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы, да стварэння «мастацтва для ўсяго народа». Прадстаўнікі К. паказной раскошы проціпастаўлялі прастату і падкрэслены ўтылітарызм новых прадметных форм, рэчаў і інш. Найбольшае распаўсюджанне К. атрымаў у архітэктуры, дзе для яго былі ўласцівы збліжэнне мастацтва з практыкай індустрыяльнага побыту, асіметрычнасць контураў будынкаў, агаленне тэхнічнага боку пабудоў, шырокае выкарыстанне шкла замест сцен, жалезабетону, плоскіх дахаў і да т.п. У Беларусі рысы К. выявіліся ў 1920-1930-я г. у архітэктуры Віцебска і Менска (напр., комплекс БДУ, 1928-1931; будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, 1932; клуб металістаў у Віцебску, 1932; Дом культуры ў Бабруйску, 1927-1930 і інш.