Каратэ (літар. «пустая рука»), японская сістэма самаабароны без зброі; адзін з відаў спартовых адзінаборстваў. Галоўная мэта заняткаў К. - маральнае і фізічнае самаўдасканаленне чалавека, выпрацоўка ўмення пераадольваць складаныя абставіны, бараніць сябе ад узброенага праціўніка і да т.п. Першыя звесткі пра К. датуюцца пачаткам 8 ст. н.э. У аснове спартовага К. - удары рукой або нагой па найбольш балявых кропках цела праціўніка. У спаборніцтвах па бескантактнаму К. супернікі толькі абазначаюць пэўныя ўдары, прыёмы, не даводзячы іх да канца. Існуюць спецыяльныя практыкаванні па спарынгу (кумітэ) і вольныя практыкаванні (ката), якія імітуюць паядынак.