Карнавал, у Заходняй Эўропе, Лацінскай Амерыцы і іншых рэгіёнах свету народнае гулянне з вулічнымі шэсцямі, ражэннямі, тэатралізаванымі гульнямі перад пачаткам Вялікага посту; форма масавай народнай культуры. Узнік у сярэднявечнай Эўропе. Першапачаткова К. меў язычніцкія вытокі і традыцыйна звязваўся з провадамі зімы. Адбываўся звычайна ў канцы зімы - пачатку вясны (люты, сакавік). Удзельнікі К. (скамарохі, блазны і інш.) нярэдка парадзіравалі высокіх свецкіх і рэлігійных асоб. Паводле расейскага даследчыка М.Бахціна, менавіта ў смеху, у карнавальнай весялосці сярэднявечны чалавек востра адчуваў сваю перамогу над страхам, смерцю, прыцясненнем, галечай і інш. К. быў часовай перамогай язычніцкага «ніза» сярэднявечнай культуры перад яе хрысціянскім, кніжным «верхам». Ва ўсходнеславянскіх народаў элементы К. праяўляліся ў калядных, купальскіх, велікодных, масленічных абрадах і звычаях з удзелам скамарохаў, блазнаў. У сучасны перыяд найбольш масавыя, пышныя, шматдзённыя К. праводзяцца ў каталіцкіх краінах Паўднёвай Амерыкі (Бразілія, Аргенціна). Некаторыя рысы К. мае беларускае народнае свята Каляды.

Паведаміць пра недакладнасьць