Картасар Хуліо (1914-1984), аргенцінскі празаік. Нарадзіўся ў Бельгіі, вырас у Аргенціне. Скончыў педагагічны каледж у Буэнас-Айрэсе (1935), працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. Пакінуў Аргенціну ў 1951, потым пастаянна пражываў у Парыжы, дзе працаваў перакладчыкам у ЮНЕСКА. Раман К. «Гульня ў класікі» (1963) быў успрыняты крытыкай як «першы вялікі лацінаамерыканскі раман». Кнігі К. перакладзены на многія мовы свету. У яго творчасці арганічна спалучыліся фантазія, паэтычнасць, іронія і гульня. Творы К. не ўкладваюцца ў рамкі ні аднаго літаратурнага кірунку і вызначаюцца арыгінальнасцю, спалучэннем рэальнасці і фантазіі, паэтычнасцю, іранічнасцю, непрадказальнасцю паваротаў сюжэту і паводзін персанажаў, часам містычнасцю, імкненнем да гармоніі паміж чалавекам і Сусветам. Па яго апавяданні «Слюні д'ябла» вядомы італьянскі кінарэжысёр М.Антаніёні паставіў фільм «Фотапавелічэнне» («Блоў-ап»).