Карыда (гішп. corrida de toros - бой быкоў), гішпанскае нацыянальнае відовішча; бой быкоў. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быкоў, якія ўвасаблялі жыццёвую сілу, энергію, урадлівасць. З пачатку 18 ст. К. стала традыцыйным цыркавым відовішчам не толькі ў Гішпаніі, але і ў Партугаліі, паўднёвай Францыі, краінах Лацінскай Амерыкі, дзе яно звычайна наладжвалася падчас розных свят. Адбываецца на спецыяльна пабудаванай арэне або на абгароджанай пляцоўцы. У правядзенні К. выдзяляецца некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырвонымі плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле ўдары доўгімі вострымі пікамі, затым бандэрыльё раздражняюць быка кароткімі коп'ямі (бандэрыльямі); у канцы К. яго галоўная фігура - матадор - дакладным ударам шпагі ў загрывак забівае раз'юшанага быка. Зрэдку здараюцца і трагічныя выпадкі на К. (разнастайныя траўмы ўдзельнікаў, пагібель тарэадораў і інш.). Ёсць нямала праціўнікаў К., якія лічаць яе небяспечным для людзей і негуманным у адносінах да жывёл крывавым відовішчам і патрабуюць забароны. Аднак па-ранейшаму К. карыстаецца значнай папулярнасцю як сярод мясцовых жыхароў, так і шматлікіх гасцей, турыстаў.