Кастанеда Карлас (1925-1998), амерыканскі антраполаг, пісьменнік, этнограф. Нарадзіўся ў Перу, у 1951 эмігрыраваў у ЗША. У 1961 зрабіў падарожжа ў Мексіку, дзе вывучаў лекавыя расліны, апісаў побыт мясцовых індзейцаў племені які і пазнаёміўся з яго правадыром - мудрацом Хуанам Матусам і спасцігаў у яго індзейскую мудрасць. Першая кніга К. - «Вучэнне дона Хуана: шлях пазнання індзейцаў племені які» - выйшла ў свет у 1968 і мела вялікі поспех. Наступнымі яго кнігамі былі «Асобая рэальнасць» (1971), «Апавяданні аб сіле» (1974), «Дар арла» (1981) і інш. Яны былі перакладзены на многія мовы свету. Найбольш папулярнымі кнігі К. былі сярод прадстаўнікоў моладзевай субкультуры канца 1960-1970-х г. У яго дзевяцітомным «містычна-спірытуальным серыяле» з заварожваючымі падрабязнасцямі апісана духоўнае падарожжа аўтара (па імені «Карлас») за межы звычайнай рэчаіснасці, у іншыя светы, падчас якога магчыма набыць сапраўдныя веды і свабоду. Для пагружэння ў «іншасвет» герой раманаў выкарыстоўваў як прыродныя галюцынагены, так і спецыяльныя фізічныя практыкаванні. К. выступаў за духоўныя пошукі і самаўдасканаленне людзей на «шляху з сэрцам», які не з'яўляецца дарогай непарыўнага самааналізу ці містычнага палёту, а ёсць шлях «прыцягнення радасці і смутку свету».