Кінатэатр, пабудова, спецыяльна зробленая для дэманстрацыі мастацкіх і дакументальных фільмаў. Першыя К. з'явіліся ў канцы 19 ст. і амаль не адрозніваліся ад залаў для збораў або канцэртаў. Сярод асноўных памяшканняў - глядзельная зала з экранам і гукаўзмацняльнікамі, апаратная, дзе размяшчаюцца кінапраекцыйныя апараты. Форма і памер глядзельных залаў вызначаюцца відам фільмаў, якія дэманструюцца (звычайных, шырокаэкранных, шырокафарматных, стэрэаскапічных, панарамных). У канцы 20 ст. многія К. сталі сапраўднымі культурнымі комплексамі, куды ўключаюцца таксама рэстараны, залы для гульняў, бібліятэкі і да т.п. У канцы 1980-х г. з'явіліся першыя «хатнія К.», якія ўключаюць відэамагнітафон (ці DVD-прайгравальнік), тэлевізар, гукаўзмацняльныя прыстасаванні. Такі тып К. размяшчаецца ў хатніх умовах і па якасці паказу і гуку практычна не саступае звычайным публічным К. У Беларусі існуюць кінатэатры са стэрэафанічным гучаннем, а таксама для паказу стэрэаскапічных фільмаў. У сучасны перыяд найбольш забяспечаныя жыхары нашай краіны могуць дазволіць сабе ўсталяваць у сваёй кватэры «хатні К.».

Паведаміць пра недакладнасьць