Кітч (кіч; ад нямецк. kitsch - таннасць, безгустоўнасць), стэрэатыпнае псеўдамастацтва, якое не мае мастацка-эстэтычнай каштоўнасці; безгустоўная масавая прадукцыя, разлічаная на знешні эфект. Разглядаецца таксама як спецыфічная з'ява, што адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры. Тэрмін «К.» узнік у 19 ст. у Германіі. Для К. характэрны імітацыя форм, звязаных у масавай свядомасці з прэстыжнымі формамі культуры, фабрыкацыя прымітыўнай пачуццёва-прыемнай прыгажосці. У мастацкай прамысловасці другой паловы 19 - пачатку 20 ст. К. распаўсюдзіўся як прамысловая імітацыя ўнікальных вырабаў. У 1960-1980-я г. прадметы К. сталі тыповай з'явай штодзённай агульнадаступнай культуры. Мастацкія творы ў форме К. прадстаўлены ў галіне выяўленчага мастацтва, літаратуры (т.зв. «бульварная літаратура»), кінематографа, эстраднай музыкі і розных формах побытавага аздаблення.

Паведаміць пра недакладнасьць