«Ковент-Гардэн», буйнейшы оперны тэатр у Вялікабрытаніі (Лондан). Заснаваны ў 1732, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны тэатр Ковент-Гардэн», з 1949 стаў дзяржаўным. З 1946 выступае таксама балетная трупа (з 1957 «Каралеўскі балет»). Сярод дырыжораў - Т.Бічэм, Г.Шолці, Б.Хайцінк і інш. На сцэне «К.-Г.» ставяцца творы ангельскіх кампазітараў і замежнай класікі (на мовах арыгіналаў). Выступаюць самыя знакамітыя оперныя спевакі свету.