Кора (ад грэч. kore - дзяўчына), у старажытнагрэчаскім мастацтве прамастаячая статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы (задрапіраваная фігура дзяўчыны). Тып К. ўзнік у мастацтве архаікі (прыблізна ў 6 ст. да н.э.). Фігуры К. мелі сакральнае значэнне (служылі ахвярнымі дарамі, якія прыносілі ў свяцілішча), а таксама маглі выкарыстоўвацца ў якасці архітэктурнай вертыкальнай апоры замест калон у храмах (напр., порцік Карыятыд у Эрэхтэйоне). Адной з характэрных рыс з'яўляецца слаба акрэсленая («архаічная») усмешка; статуі звычайна размалёўваліся. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучаліся з тонкай дэкаратыўнай апрацоўкай паверхні мармуру (пераважна прычосак і складак адзення). Знойдзены ў вялікай колькасці на афінскім Акропалі. Жаночай фігуры К. адпавядала мужчынская - курас.