Культурнае будаўніцтва, тэрмін, які прымяняўся ў практыцы сацыялістычных дзяржаў для абазначэння ўзвядзення за кошт дзяржаўнага бюджэту сацыяльна-культурных і сацыяльна-бытавых аб'ектаў. Сюды ўключаліся палацы культуры, кінатэатры, музеі, бібліятэкі, сельскія клубы, чырвоныя вугалкі на прадпрыемствах і інш., якія будаваліся па загадзя складзеным і зацверджаным плане. Пры К.б. ўлічваліся патрэбнасці насельніцтва ў культурных і бытавых аб'ектах. Звычайна К.б. падначальвалася прынцыпу «ад дасягнутага», г.зн. з кожным годам прадугледжвалася павелічэнне колькасці ўзведзеных культурных аб'ектаў на пэўны адсотак у параўнанні з мінулым годам. Пазітыўным момантам К.б. служыла хуткае і шырокамаштабнае забеспячэнне некалі беднай і адсталай краіны культурнымі ачагамі, якія забяспечвалі (нярэдка на невысокім узроўні) увесь комплекс цывілізаваных сацыяльна-культурных паслуг насельніцтву. Негатыўнымі момантамі К.б. з'яўляліся пагоня за планам і фармальны падыход да ўзвядзення ачагоў культуры, астаткавы прынцып фінансавання культуры, будаўніцтва новых помнікаў, палацаў, дамоў культуры на месцы знішчаных цэркваў, манастыроў і інш.