Культурны працэс, сінхронна-дыяхронныя змены ў культуры ў пэўныя гістарычныя эпохі (старажытнасць, Сярэднявечча, Новы і Навейшы час). Сусветны К.п. ахоплівае большасць цывілізаваных краін і праяўляецца ў пэўных агульных тэндэнцыях развіцця культуры. Ён уяўляе сабой складаны феномен, у які арганічна ўваходзяць найбольш істотныя змены ў культурным развіцці многіх краін свету. Для сённяшняга этапу сусветнага К.п. характэрны такія асаблівасці і галоўныя тэндэнцыі, як глабалізацыя, вестэрнізацыя, масавізацыя, мадэрнізацыя, постмадэрнізацыя, віртуалізацыя. Сучасная беларуская культура, з аднаго боку, развіваецца ў кантэксце сусветнага К.п., а з другога, яна, наадварот, выбіваецца з гэтага кантэксту, не ўпісваецца ў яго. Яна развіваецца пад прыкметным уплывам заходняй цывілізацыі (у значна меншай ступені - усходняй) і ў той жа час па сваіх уласных унутраных законах, традыцыях.

Паведаміць пра недакладнасьць