Купалле, летняе народнае свята. Пад рознымі назвамі вядома многім індаэўрапейскім народам. У старажытнасці К. было прымеркавана да летняга сонцастаяння. Адзначалася як свята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл Зямлі, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Святкавалася ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Характарызавалася комплексам абрадаў, павер'яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Днём дзяўчаты ішлі на луг, у поле збіраць купальскія зёлкі - багаткі, руту, папараць, васількі, купену і інш. Лічылася, што зёлкі, сабраныя на К., маюць асаблівую лекавую моц. Цэнтральнае месца сярод абрадаў і гульняў К. займала купальскае вогнішча, якое, па павер'ях, мела ачышчальную, жыватворную сілу. Вакол купальскага агню моладзь вадзіла карагоды, пераскаквала праз агонь, купалася ў рэчцы, качалася па расе (ачышчальная магія), спявала купальскія песні, варажыла на вянках, якія дзяўчаты і хлопцы пускалі на рачную плынь, загадваючы на будучага мужа ці жонку. У народзе верылі, што раз у год, якраз на К., а 12 гадзіне ночы ў гушчары лесу зацвітае кветка папараці («папараць-кветка»), здольная даць таму чалавеку, які яе сарве, празарлівасць. Разам з тым К. - час разгулу змрочных сіл прыроды, разнастайных злых духаў, нячысцікаў. Таму ў купальскую ноч рабілі розныя засцярогі, выкарыстоўвалі ахоўную магію (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хлява зёлкамі і інш.). Пасля пашырэння хрысціянства да язычніцкага свята К. было прымеркавана рэлігійнае свята Яна Папярэдніка (Хрысціцеля), што прывяло да ўтварэння назвы Іван Купала.