Марксізм, філасофскае, эканамічнае і палітычнае вучэнне, заснавальнікамі якога былі нямецкія мысліцелі К.Маркс (1818-1883) і Ф.Энгельс (1820-1895). У філасофскім плане М. абапіраўся на рацыяналізм гегелеўскага тыпу і ў пэўнай ступені на пазітывізм. Маркс і Энгельс распрацавалі матэрыялістычную дыялектыку і матэрыялістычнае разуменне гісторыі («дыялектычны матэрыялізм» і «гістарычны матэрыялізм»), а таксама вучэнне аб камунізме. Паводле іх поглядаў, вытворчыя сілы і адносіны абумоўліваюць, вызначаюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, дзяржаву, мараль, рэлігію, мастацтва. Сукупнасць гэтых сфер - эканамічнага базіса і ідэалагічнай надбудовы - утварае т.зв. «грамадска-эканамічныя фармацыі» (феадалізм, капіталізм, камунізм), змена якіх вызначае працэс паступальнага развіцця грамадства; рухаючай сілай гісторыі з'яўляецца барацьба пануючых і прыгнечаных класаў, а вышэйшай праявай гэтай барацьбы выступае сацыяльная рэвалюцыя. М. пераацэньваў, абсалютызаваў ролю сацыяльных антаганізмаў, класавай барацьбы і рэвалюцыйнага насілля, ролю розуму і свядомай дзейнасці людзей і ў той жа час недаацэньваў значэнне іррацыянальнага, падсвядомага пачатку ў жыцці чалавека і грамадства. М. стаў тэорыяй радыкальнага, рэвалюцыйнага пераўтварэння грамадства, быў дзяржаўнай ідэалогіяй у сацыялістычных краінах свету. Сярод асноўных твораў заснавальнікаў М. - «Капітал» (т. 1-3; 1867-1894), «Нямецкая ідэалогія» (1845-1846), «Святое сямейства» (1845), «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць