Маркузе Герберт (1898-1979), нямецка-амерыканскі філосаф і сацыёлаг; прадстаўнік франкфурцкай школы. З 1934 у ЗША, з 1965 - прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта. Распрацаваў канцэпцыю «аднамернага грамадства», «аднамернага чалавека», «аднамернага мыслення». Паводле М., аднамернае грамадства спараджае аднамернае мысленне (свядомасць), якое з'яўляеца вынікам маніпулятыўнага ўздзеяння з боку бюракратаў, тэхнакратаў і інш. праз сродкі масавай інфармацыі, адукацыю, армію, царкву і да т.п. У выніку людзі пачынаюць гаварыць мовай сваіх палітыкаў, аўтараў рэкламных тэкстаў, а іх крытычныя адносіны да рэчаіснасці прыкметна паслабляюцца. Магчымасць рэвалюцыйных змен на сацыяльным узроўні звязваў з «аўтсайдэрамі» (моладзь, люмпены, нацыянальныя меншасці, насельніцтва краін «трэцяга свету» і інш.); на антрапалагічным узроўні з адвечнымі эратычнымі схільнасцямі людзей; на культурным - з авангардысцкім сюррэалістычным мастацтвам, што адлюстроўвае бунт гэтых людзей супраць «рэпрэсіўнай» культуры. Асноўныя працы - «Эрас і цывілізацыя» (1955), «Аднамерны чалавек» (1964), «Контррэвалюцыя і бунт» (1972), «Псіхааналіз і палітыка» (6-е выд., 1980) і інш. Погляды М. аказалі ўплыў на ідэалогію леваэкстрэмісцкіх груп на Захадзе.