Мартынаў Уладзімір (н. 1953), беларускі культуролаг, філосаф. Доктар культуралогіі (2000), кандыдат філасофскіх навук (1989), прафесар (2000). Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (1978). З 1988 працаваў у БДПУ імя М.Горкага. З 2000 - загадчык кафедры гісторыі філасофіі і культуралогіі БДУ, з 2001 - кафедры філасофіі культуры БДУ. Даследуе сутнасць культуры як касмапланетарнага феномену, культуралагічны змест феномена прыгажосці, універсальныя канцэпцыі культуратворчасці, аб'ектыўную перадумову якой складае гармонія. Упершыню абгрунтаваў ідэю аб тым, што памкненне чалавека да абсалютнай гармоніі з'яўляецца архетыпам культуры і складае сутнасць шматпланавай творчай дзейнасці, якая прадуцыруе глабальныя формы духоўнага ўдасканалення (міфалогію, рэлігію, мастацтва, філасофію, мараль, права, навуку). Вывучае спецыфіку ўсходняга менталітэту, перспектывы духоўнай эвалюцыі чалавецтва, праблему касмізацыі свядомасці на аснове культуратворчасці. Асноўныя культуралагічныя і філасофскія ідэі выклаў у працах «Філасофія прыгажосці» (1999), «Сусветная мастацкая культура» (2000), мностве навуковых артыкулаў.

Паведаміць пра недакладнасьць