Мід Маргарэт (1901-1978), амерыканскі этнолаг, культурантраполаг. Вучылася ў Калумбійскім універсітэце, дзе атрымала ступені магістра псіхалогіі (1924) і доктара антрапалогіі (1929). У 1920-1930-я г. зрабіла некалькі экспедыцый на вастравы Самоа, Балі і Новую Гвінею. З 1954 ад'юнкт-прафесар антрапалогіі Калумбійскага ўніверсітэта. У 1974 абрана прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі. На аснове ўласных крос-культурных даследаванняў зрабіла выснову пра існаванне трох тыпаў культуры - «постфігуратыўнай», «кофігуратыўнай» і «прэфігуратыўнай». У мінулыя стагоддзі і нават тысячагоддзі дамінавалі, паводле М., «постфігуратыўная» культура, дзе дзеці вучыліся найперш у сваіх папярэднікаў (бацькоў, дзядоў) і «кофігуратыўная» культура, дзе і дзеці, і дарослыя вучацца ў сваіх равеснікаў. Аднак у другой палове 20 ст. склалася і пачала дамінаваць «прэфігуратыўная культура», г.зн. такая, у якой дарослыя вучацца таксама ў сваіх дзяцей. Для гэтага тыпу культуры характэрны своеасаблівы разрыў пакаленняў, калі новае, маладое пакаленне набывае такі жыццёвы вопыт, якога ніколі не было ў прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў. У той жа час старэйшае пакаленне ўжо ніколі не пабачыць у жыцці маладых людзей паўтарэння свайго вопыту. Прычым дадзены міжпакаленны канфлікт з'яўляецца ўсеагульнай, глабальнай з'явай; сённяшнія дзеці вырастаюць у свеце, якога не ведалі старэйшыя. Сярод яе найбольш важных прац - «Паўналецце на Самоа» (1928), «Пол і тэмперамент у трох прымітыўных грамадствах» (1935), «Мужчына і жанчына» (1949), «Пераемнасць у культурнай эвалюцыі» (1964) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць