Мюзікл (англ. musical - музычны), музычны сцэнічны жанр, які спалучае элементы драматычнага, харэаграфічнага і опернага мастацтваў. Сфармаваўся ў ЗША ў канцы 19 - пачатку 20 ст. на аснове аб'яднання розных самастойных тыпаў відовішчаў (аперэты, шоў, рэвю, меладрамы і інш.). Перыяд росквіту М. - сярэдзіна 20 ст. («Мая цудоўная ледзі» Ф.Лоў, 1956; «Вестсайдская гісторыя» Л.Бернстайна, 1957; «Скрыпач на даху» Дж.Бока, 1964 і інш.). Шырокую вядомасць атрымалі таксама экранізацыі М. - «Дзяўчаты з Рашфора» М.Леграна (1966), «Смешная дзяўчына» Дж.Стайна (1969), «Олівер» Л.Барта (1970) і інш. У 1980-1990-я г. беларускія кампазітары стварылі нямала твораў ў жанры М. - А.Мдывані («Мес Менд», 1987), У.Кандрусевіч («Нявеста для Марціна», 1988; «Джулія», 1990); С.Бельцюкоў («Сцяпан - вялікі пан», 1989), А.Будзько («Пітэр Пэн», 1990) і інш.