Наасфера (греч. noos - розум + sphaira - шар), сфера розуму; новы эвалюцыйны стан, асобы этап у развіцці біясферы, у якім рашаючае значэнне набывае разумная дзейнасць і духоўная творчасць чалавецтва. Тэорыя Н. распрацавана Т.дэ Шардэнам, У.Вярнадскім. Тэрмін «Н.» увёў у канцы 1920-х г. французскі матэматык і філосаф Э.Ле Руа, які лічыў, што далейшая эвалюцыя чалавецтва прывядзе да наступлення такой эпохі, дзе вырашальную ролю будуць адыгрываць думка і дух. У аўтараў тэорыі Н. чалавек імкнецца перайсці ў сферу розуму і растварыцца ў Богу, зліцца з ім (Тэйяр дэ Шардэн) ці ахапіць навуковай думкай усю планету, рухацца далей у напрамку спасціжэння Божых законаў (У.Вярнадскі). Паводле Ў.Вярнадскага, біясфера на пэўным этапе свайго развіцця пад уплывам навуковай думкі (яе ён называў планетарнай з'явай) чалавека пачынае паступова пераўтварацца ў Н., у вобласць чалавечай культуры, цесна звязаную з навуковымі ведамі.